Грамадскасць прапануе папраўкі да дзеючага Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»
Прапановы па змене заканадаўства палануецца разгледзіць на паседжанні Круглага стала, які пройдзе ў Мінску. Падрабязней пра мерапрыемства чытайце на наступнай старонцы бюлетэня.
Грамадзянская ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне» паўстала 12 чэрвеня 2002 года як рэакцыя грамадзян Беларусі на прыняты ў першым чытанні новы Закон «Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях». Гэты Закон утрымоўвае нормы, што не адпавядаюць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і тым міжнародным абавязанням, якія ўзяла на сябе наша дзяржава. Сярод асобаў, якія аднымі з першых падпісалі заяву Ініцыятывы, былі вядомыя ў краіне грамадскія і рэлігійныя дзеячы, жанчыны і мужчыны, людзі рознага ўзросту і адукацыі, розных нацыянальнасцяў і веравызнання.
Нашы мэты
Асноўная мэта дзейнасці Ініцыятывы — не дапусціць парушэння правоў чалавека на свабоду думкі, сумлення, рэлігіі, перакананняў і свабоднага іх выяўлення; садзейнічаць захаванню талерантнасці і духоўнай свабоды; дамагацца ліквідацыі ўсіх формаў нецярпімасці і дыскрымінацыі паводле рэлігійных прычын ці перакананняў.
24 чэрвеня 2002 года Ініцыятыва правяла ў Мінску грамадскія слуханні, на якіх прысутнічала больш за 150 чалавек, зацікаўленых праблемай. У выніку працы Ініцыятывы падрыхтаваны заўвагі і прапановы ў законапраект, атрыманы экспертныя заключэнні аўтарытэтных спецыялістаў з іншых краін. Сабраныя публікацыі па рэлігійнай сітуацыі і заканадаўчым ініцыятывам у Беларусі былі прадстаўлены ў выглядзе «Белай кнігі» зацікаўленай грамадскасці, журналістам, дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў і членам Савета Рэспублікі і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Пасля таго, як без уліку меркаванняў незалежных прававедаў і шырокай грамадскасці быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», актывісты Ініцыятывы вырашылі працягнуць сваю працу і весці інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць. Цэнтрам увагі сябраў Ініцыятывы застаецца праблема стасункаў паміж царквой і дзяржавай.
Сайт «За свабоднае веравызнанне» дапамагае знайсці актуальную прававую інфармацыю ў сферы абароны рэлігійных правоў, а таксама навіны і аналітыку. На сайце выкладзена заканадаўчая база, працуе віртуальная грамадская прыёмная. Калі вас цікавіць, якія правы вы маеце, што гарантуе вам Канстытуцыя, якія паўнамоцтвы маюць чыноўнікі і розныя дзяржаўныя органы, вы можаце звярнуцца ў інтэрнэт-прыёмную і атрымаць кваліфікаваны адказ юрыста.
|