03.07.2010 Перамога ў судзе пастара Уладзіміра Качагура
Пасля прызначанага Гарадзенскім абласным судом перагляду Наваградскі суд закрыў справу, заведзеную супраць пастара царквы “Новае пакаленне” Уладзіміра Качагура за нібыта правядзенне незаконных набажэнстваў у сваёй кватэры.
Нагадаем, 14 траўня Наваградскі раённы суд прызнаў Уладзіміра Качагура вінаватым у нібыта правядзенні набажэнстваў без дазволу на тое мясцовага выканаўчага органа і прысудзіў яму штраф у памеры 20 базавых велічыняў (700 тыс. рублёў). Справу вёў суддзя Раманоўскі.
Гарадзенскі абласны суд, куды накіраваў касацыйную скаргу пастар Наваградскай царквы “Новае пакаленне” Уладзімір Качагур з прычыны вынесенага яму Наваградскім судом незаконнага прысуду, пастанавіў гэты прысуд адмяніць, а справу даслаць на новы разгляд з прызначэннем іншага суддзі.
Нагадаем, дзве скаргі на Качагура ў міліцыю напісала былая суседка пастара Шляхцюк Зінаіда Мікалаеўна, дырэктар мясцовага каледжа. Прычым першая скарга пайшла ў той перыяд, калі Качагур з жонкай і двума непаўнагадовымі дзецьмі і Шляхцюк яшчэ жылі ў адным доме, а другая, паводле якой і заведзена справа, - у красавіку, калі сям’я Качагура ўжо пераехала на іншае месца. Жанчына напісала, што нібыта з кватэры пастара пасля 24.00 чуваць гучную рэлігійную музыку, спевы, што там па начох нібыта праводзяцца служэнні, “і ў кватэру ходзяць людзі” .
Нановапрызначаная суддзя Самасюк правяла чатыры паседжанні, і ў выніку за недастатковасцю доказаў у абвінавачання, вымушана была закрыць справу.
“Бог дапамог перамагчы праўдзе. Суддзя спачатку ставілася да мяне даволі груба, спрабавала перакваліфікаваць абвінавачанне ў незаконных набажэнствах у іншую: нібыта я шумеў па начох і перашкаджаў суседзям. Але пасля таго, як я паскрадзіўся на суддзю пракурору, Самасюк вяла справу адэкватна і яе закрыццё было абсалютна лагічным”, - расказаў Уладзімір Качагур прэсавай службе БХД. Ён асабіста дзякуе за дапамогу праваабаронцу грамадскага аб'яднання "Прававая ініцыятыва" Сяргею Усцінаву.
Прэсавая служба "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі"
|