БЕЛ   ENG


 

Галоўная / Навіны

     2010 год

     2009 год

     2008 год

     2007 год












20.07.2010
У Жлобінскім раёне дзейнічала секта


Афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння закона вынесена пракуратурай Жлобінскага раёна арганізатарам і каардынатарам афіцыйна незарэгістраванага грамадскага аб'яднання "Вучэнне Сінтэзу”.



Паводле інфармацыі прэс-групы Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, "Вучэнне Сінтэзу" ўзнікла ў Расіі. У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя яго ідэалагічны лідэр Віталь Сярдзюк пачаў чытаць лекцыі і праводзіць семінары. Паводле меркавання расійскіх рэлігіязнаўцаў, гэта акультная секта, якая ўвабрала ў сваю дактрыну абрыўкі з розных рэлігій; паводле меркавання іншых, яна заснаваная на сумесі рэлігіі з псеўданавуковымі тэорыямі.



У 2009 годзе УКДБ па Гомельскай вобласці атрымала інфармацыю аб тым, што ў Жлобіне незаконна дзейнічаюць прадстаўнікі "сінтэзу" і ўцягваюць грамадзян у сваю дзейнасць. Падчас праверкі інфармацыя пацвердзілася.



Арганізатарамі і каардынатарамі аб'яднання з'яўлялася непрацуючая сямейная пара — выхадцы Расіі, якія пераехалі ў Жлобін з Мінска. "Вучняў" яны прыцягвалі ідэямі самаўдасканалення, развіцця здольнасцяў і магчымасцяў чалавека. Зразуменне вучэння ажыццяўлялася падчас так званых сінтэзаў, серыі своеасаблівых семінараў. Кошт аднаго такога "семінара" складаў 800 расійскіх рублёў.



Прапаведнікі "Вучэння Сінтэзу" ў Жлобіне паспелі ўцягнуць у свае рады некалькі дзесяткаў чалавек. Аб тым, што асталявацца ў рэгіёне яны збіраліся сур'ёзна і надоўга, сведчыць факт стварэння своеасаблівых ячэек арганізацыі ў Светлагорску і Рагачове, а таксама тое, што прыхільнікі вучэння збіраліся зарэгістравацца — праўда, у якасці грамадскай нерэлігійнай некамерцыйнай арганізацыі, у статутных дакументах якой ні слова не сказана пра сувязь з "Вучэннем Сінтэзу".



Афіцыйнае папярэджанне пракуратуры вынесена пяці грамадзянам, ім растлумачана, што ў выпадку далейшага парушэння заканадаўства яны будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці.

Алена Германовіч, БелаПАН




 

 
Усеагульная дэкларацыя
правоў чалавека


Кожны чалавек мае
права на свабоду думкі,
сумлення і рэлігіі...
Канстытуцыя
Рэспублікі Беларусь


Кожны мае права
самастойна вызначаць
свае адносіны да рэлігіі...
Міжнародны Пакт
аб грамадзянскіх і палітычных
правах
Rating All.BY