БЕЛ   ENG


 

Галоўная / Навіны

     2010 год

     2009 год

     2008 год

     2007 год












23.07.2010
Школа паміж атэізмам і рэлігіяй: дыскусія ў беларускай прэсе + артыкулы на тэму.


Апошнім часам узнікае нямала дыскусій на тэму патрэбы ўвядзення ў школах прадмету па рэлігійнай культуры. Можна са зразуменнем аднесціся да дыскусіі на тэму відавочных праблем, звязаных з тым, хто і як можа выкладаць гэты прадмет. Аднак варты ўвагі сам спосаб дыскусіі праціўнікаў увядзення ў школах рэлігійнай адукацыі. І хоць не хочацца рабіць чорнага піяра некаторым абаронцам атэістычнай сістэмы адукацыі, то ўсё ж варта звярнуць увагу на іх уяўленні аб хрысціянстве і прасачыць, на чым грунтуецца іх аргументацыя супраць рэлігійнай адукацыі ў школе.

Страшылкі ад карэспандэнта "Звязды"

Па просьбе чытачоў возьмем за прыклад два артыкулы карэспандэнта газеты “Звязда” Сымона Свістуновіча. Першы яго артыкул выйшаў пад тытулам “Сусветная культура ці рэлігійная?” (“Звязда”, 02.06.2010 гл. тэкст артыкулу ніжэй ). Годны і ясны адказ карэспандэнту даў прарэктар інстытута тэалогіі БДУ Г. Пятроўскі ў артыкуле “З кім і пра што спрачаемся” (“Звязда”, 11.06.2010 гл. тэкст артыкулу ніжэй ). Тады сп. Свістуновіч апублікаваў чарговы артыкул пад тытулам “Вучыце ў нядзельных школах, а не ў дзяржаўных...” (“Звязда”, 22.06.2010 гл. тэкст артыкулу ніжэй ). Мяркуючы па гэтым артыкуле, журналіст не задумаўся над аргументамі навукоўца.

Дадзеныя артыкулы карэспандэнта газеты “Звязда” добра адлюстроўваюць пэўны спосаб мыслення аб хрысціянстве тых прадстаўнікоў нашага грамадства, якія пратэстуюць супраць працэсу дэатэізацыі не толькі сістэмы адукацыі, але беларускага грамадства ўвогуле.

Школа: інфарматар ці выхавальнік?

На самым пачатку варта звярнуць увагу на фундаментальную праблему, якая незаўважальна стаіць за ўсімі дыскусіямі на тэму прысутнасці рэлігіі ў школе. Гэта пытанне аб канцэптуальным разуменні ролі школы: інфармаванне ці выхаванне? У залежнасці ад адказу на гэтае пытанне разыходзяцца шляхі дыскусіі.



Існуе пазіцыя, што школа павінна адыгрываць толькі інфармуючую ролю і не павінна займацца выхаваннем. Прыхільнікі такога погляду перакананыя, што можа існаваць школа, якая не будзе фарміраваць нейкі канкрэтны светапогляд вучня, якая будзе вольная ад ідэалогій. Сфера выхавання ў такой сітуацыі перакладаецца на па-за школьнае асяроддзе (сям’я, Царква, нейкія іншыя грамадскія інстытуты). За такі тып школы заўсёды будуць змагацца прыхільнікі ідэалогіі індывідуалізму, лібералізму, секулярызму. Яны вераць у тое, што веды не выхоўваюць, што школа можа даваць нейтральную інфармацыю аб свеце, вольную ад якіх-небудзь перакананняў. Парадаксальна, але прапанова такой мадэлі школы – гэта ўжо светапогляд, гэта ўжо выхаванне ў пэўным кірунку.



Канцэпцыя інфармуючай школы рассыпаецца пры сустрэчы з рэальным светам. Па-першае, кожная інфармацыя фарміруе (выхоўвае) светапогляд чалавека. Па-другое, кожны настаўнік падае вучням інфармацыю праз фільтр свайго светапогляду, магчымасцей і жадання. Па-трэцяе, няма адной нейкай ідэальнай навукі ў цэлым, а кожны вучоны зыходзіць з нейкай выбранай тэорыі. Выбар тэорыі (пункт выхаду навукі) залежыць ад светапогляду навукоўцаў, а ў сітуацыі сферы адукацыі - ад тых, хто стварае школьныя праграмы і падручнікі. А нават ва ўмовах дыверсіфікацыі школьных праграм і падручнікаў усё роўна трэба прыйсці да нейкага кансенсуса, згадзіцца на адну праграму і адзін падручнік, каб была магчымая праца ў групе. Кожны выбар будзе азначаць адмову ад альтэрнатыўнай магчымасці, селекцыю інфармацыі (выкладаных ведаў).



Другая канцэпцыя, якую мы назавём тут выхаваўчай школай, зыходзіць з пераканання, што адукацыя адыгрывае велізарную ролю ў фарміраванні светапогляду вучня. Таму сярод безлічы магчымых адукацыйных праграм належыць выбраць (або стварыць) найбольш аптымальную для дадзенага грамадства. Як бачым, усё ў канечным выніку залежыць ад таго, па якім крытэрыям будзе стварацца адукацыйная праграма. А выбар крытэрыяў у сваю чаргу залежыць ад мэты, якую ставіць перад сабой творца канцэпцыі адукацыі. А мэта залежыць ад адказу на пытанне: які чалавек прыходзіць у школу і які павінен з яе выйсці? І тут мы даходзім да праблемы канцэпцыі чалавека ўвогуле. Уцякчы ад прыняцця нейкага бачання чалавека немагчыма. Кожны варыянт (або яго адсутнасць) будзе ўжо выбарам пазіцыі, светапогляду, адказам на пытанне аб натуры, мэце і сэнсе існавання чалавека як такога.

Адукацыя і ідэалогія

Савецкая адукацыйная сістэма была створаная з мэтай фарміравання штучнага тыпу чалавека - “homo sovieticus”. Мэтай гэтай сістэмы была ідэалагічная стэрылізацыя грамадства (знішчыць т.зв. традыцыйнае грамадства), каб сфарміраваць новую “ідэальную” супольнасцю людзей, дзе індывідуум быў бы толькі функцыяй (інструментам) групы, а дакладней – яе лідэраў. У выніку мэтай адукацыйнай сістэмы стала не развіццё (раскрыццё патэнцыяльнасці і перспектыў) канкрэтнага чалавека як асобы, а мадэляванне чалавека-функцыі для рэалізацыі найвышэйшай, паводле марксізма-ленінізма, мэты – фарміравання ідэальнага механічнага грамадства.

Пасля фіяска камуністычнай утопіі пачаўся працэс карэкціроўкі сістэмы адукацыі. І дыскусіі вакол дэкамунізацыі гэтай сістэмы, вяртання ў школу рэлігійнага навучання з’яўляецца паказчыкам таго, што адказныя людзі разумеюць неабходнасць карэкціроўкі састарэлай антыасабовай сістэмы. Аднак належыць згадзіцца з занепакоенасцю сп. Свістуновіча ў тым, што рэлігійная адукацыя можа стацца інструментам дзяржаўнай або канфесійнай палітыкі. У сутнасці гэта была б тая самая, што і пры Саветах сістэма па фарміраванні сацыяльных зомбі, толькі заснаваная на іншай ідэалогіі. Таму варта было б дыскутаваць не аб патрэбе рэлігіі, але аб патрэбе абароны рэлігійнай культуры ад розных формаў яе дэвіяцый.



Праблема крытыкаў выкладання рэлігійнай культуры ў школе звязана з праблемамі светапогляду гэтых людзей. Як у адным, так і ўдругім сваім артыкуле ўзгаданы намі карэспандэнт “Звязды” зводзіць дыскусію аб выкладанні рэлігійнай культуры ў школе да крытыкі рэлігіі, хрысціянства ўвогуле. Аднак напады аўтара апіраюцца не на аб’ектыўных ведах аб хрысціянстве, Царкве, тэалогіі, але на паўтарэнні нацяжак і клішэ савецкай прапаганды. Раскрыць беспадстаўнасць гэтых нападаў імкнуўся ў сваім артыкуле сп. Пятроўскі. Але, мяркуючы па чарговым артыкуле сп. Свістуновіча, аргументы прафесара былі праігнараваныя. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова параўнаць змест артыкулаў.

За што не любяць хрысціянства?

На чым жа найчасцей грунтуецца крытыка хрысціянства ў асяроддзі постсавецкай інтэлігенцыі? Вышэй узгаданыя артыкулы могуць быць класічным прыкладам антыцаркоўных тэзісаў. Прыгледзімся да некаторых з іх.



1) Тэзіс аб супярэчлівасці Бібліі. Не хочацца верыць у тое, што многія прадстаўнікі нашай постсавецкай інтэлігенцыі нічога не ведаюць аб тым, што існуе цэлая група навук (!) па даследаванню Св. Пісання. Метады гэтых дысцыплін адпавядаюць усім патрабаванням, якія ставяцца перад кожнай навукай (аб’ектыўнасць, лагічнасць, правяральнасць і інш.). Калі б Біблія была наборам супярэчлівых выказванняў, то яна не вытрымала б навуковай крытыкі. Аднак даследаванні паказваюць гарманічнасць і сэнсавую глыбіню ўсяго Пісання. На гэтую тэму існуюць тысячы сур’ёзных навуковых даследаванняў і працуюць цэлыя інстытуты. Падобныя антыбіблейскія тэзісы з’яўляюцца толькі паказчыкам таго, які тэалагічны вакуум пакінула пасля сябе эпоха атэізма ў свядомасці некаторых прадстаўнікоў нашага грамадства.



2) Тэзіс аб канфлікце паміж навукай і рэлігіяй. Канфлікт па сутнасці не можа існаваць, бо навука і рэлігія – дзве зусім розныя сферы жыццядзейнасці чалавека. Мэта навуковага пазнання – пошук зразумення свету, даступнага вопыту і розуму. Мэта рэлігіі – дапамагчы чалавеку паяднацца з Богам. Канфлікт мог бы быць толькі ў сітуацыі узаемавыключальнасці мэтаў. Але, як бачым, пазнанне натуры не супярэчыць пазнанню звышнатуральнага, а наадварот, гэтыя тыпы пазнання могуць узаемадапаўняцца і ўзаемазбагачацца. Найлепшым прыкладам гэтага з’яўляецца тэалогія.



На працягу гісторыі канфлікты паміж Царквой і нейкімі вучонымі ўзнікалі не на ўзроўні навукі, але рэлігійнай або царкоўнай дыскусіі. Яскравым прыкладам гэтага можа быць вядомая з савецкіх падручнікаў постаць Дж. Бруно, канфлікт якога з Царквой меў не навуковы, але рэлігійны характар. Гэты чалавек прапагандаваў пантэізм (усё ёсць Богам), заклікаючы людзей да звяржэння хрысціянства, якое стаіць на пазіцыях тэізма (прырода – не Бог). Думаю, не трэба працягваць пра ўсе магчымыя грамадскія наступствы канфлікту і як падобныя праблемы вырашалі сярэднявечныя палітыкі. Пытанні аб сацыяльна важных рэлігійных канфліктах і спосабах іх вырашэння належаць не да сферы навукі і рэлігіі, але палітыкі. І тое, што атэісты вешалі на хрысціянства ярлыкі цемрашальства, мела не навуковыя, але сацыяльна-палітычныя прапагандысцкія прычыны.



3) Тэзіс аб вузка палітычных мэтах існавання рэлігіі. Паводле веры матэрыяліста, не можа існаваць ніякіх іншых мэтаў, сэнсаў, матывацый у чалавека па-за фізічнай прасторай яго жыцця, бо іншая (звышнатуральная) - проста не існуе. Зыходзячы з такога погляду, кожны атэіст будзе глядзець на рэлігійны і маральны кодэкс хрысціяніна або як на наіўнае вар’яцтва, або як на хітрую прагматыку. Калі няма Бога і нічога звышнатуральнага, то трэба неяк растлумачыць існаванне Царквы. Адкінуўшы варыянт, што ўсе вернікі - зборышча вар’ятаў, трэба прыняць альтэрнатыўны варыянт, што Царква ўяўляе сабой хітрае сацыяльнае ўтварэнне, якое мае тыповыя для кожнага грамадскага інстытута палітычныя мэты. Адказ знойдзены. Мазайка атэіста склалася. Праверыць памылковасць тэзіса можа толькі гісторыя і моманты, калі Царква яскрава засведчыць, што шкала яе мэтаў і каштоўнасцей сягае па-за межы натуральных (зямных) інтарэсаў. Здаецца, у гісторыі было шмат прыкладаў, калі Царква прайгравала ў сацыяльна-палітычных пытаннях з-за сваіх звышнатуральных прынцыпаў. Але гэтыя факты трэба жадаць бачыць. Усё залежыць ад добрай волі даследчыка.



4) Тэзіс аб гуманнасці атэізацыі і шкоднасці хрысціянізацыі. Змагары з рэлігійнасцю часта выкарыстоўваюць любую нагоду, каб пераканаць грамадства ў шкоднасці хрысціянства. Атэіст згаджаецца толькі на вузка прыватны, маргінальны характар веры і Царквы. А вызваленую ад рэлігійнасці прастору павінен заняць атэізм, калі не тэарэтычны (свядомы), то прынамсі практычны (несвядомы). Аднак гісторыя Еўропы, дзе ў апошнія стагоддзі актыўна рэалізуецца праект дэхрысціянізацыі, яскрава паказвае дэструктыўны характар атэістычнай (секулярнай) сістэмы, якая ўжо цяпер пагражае гуманітарнай катастрофай для еўрапейцаў.

Догмы атэістычнага светапогляду

Прычыны ж рэальнай небяспечнасці атэістычнага мыслення крыюцца ў яго фундаменце. Вось некаторыя з асноўных прынцыпаў, на якіх трымаецца светапогляд сучасных атэістаў:



1) Вера ў тое, што чалавек – гэта добрая і разумнейшая за іншыя жывёлы разнавіднасць малпы, якая для шчасця патрабуе толькі заспакаення матэрыяльных (жывёльных) патрэбаў.



2) Вера ў натуральную дабрыню і дасканаласць чалавека, якія псуюцца ў працэсе “выхаваўчага насілля” (лозунг індывідуалізму), ад якога можна вызваліць кожную асобу, калі заняцца стварэннем ідэальнага грамадства (розныя формы сацыялізмаў).



3) Вера ў магчымасць нематываванай маральнасці (грамадства можна пабудаваць на тым, што ўсе будуць высока маральнымі проста так). Увогуле, атэістычная прапаганда часта адклікаецца да “аргумента”, што ўсё існуе “проста так” (беспрычыннасць усяго). Нягледзячы на прымітыўнасць і інфантыльнасць такога тыпу мыслення, яно даволі паўсюднае нават сярод многіх сучасных навуковых дзеячаў. Гэта звязана з тым, што выбар альтэрнатыўнага варыянту (усё мае сваю прычыну), прымусіў бы вучонага-атэіста прыняць (на моцы логікі) існаванне першапрычыны і згадзіцца на тэізм, прызнаць большую рацыянальнасць рэлігіі, чым атэізму. Атрымліваецца абсурдная сітуацыя, калі ў імя ідэалогіі атэізма, вучоны абмяжоўвае сваё мысленне і навуковы патэнцыял. Яшчэ горшая сітуацыя, калі гэтая рэдуктыўная ідэалогія выдаецца за “навуковую”.



4) Вера ў абсурднасць чалавечага існавання (нараджаецца, каб памерці). Гэтая вера генеруе розныя формы нігілізму, песімізму, пагарды да чалавека, апатыі і нежадання развівацца (бо няма матывацыі, сэнсу, персанальнай мэты). У больш прымітыўнай форме гэтая “вера” выражаецца ў агнастыцызме (уцёках ад пытанняў аб сутнасці, мэце, прычынах), які з-за сваёй ідэйнай бясплоднасці і тупіковасці зноў жа заканчваецца экзістэнцыяльным крызісам і прыводзіць да дэградацыі чалавека.

Калі ёсць атэізм, чаму не можа быць тэізму?

Можна было б прыводзіць іншыя прыклады схемы матэрыялістычна-антыхрысціянскага мыслення. Але, каб не стамляць чытача, пяройдзем да цэнтральнай праблемы, якая часта замоўчваецца ў выступленнях супраць прысутнасці хрысціянскай культуры ў школе. У сваёй аргументацыі змагары з рэлігіяй у школе не жадаюць заўважаць, што існуючая ў Беларусі сістэма адукацыі не мае нейтральнага характару.



Савецкая школа асноўваецца на ідэалогіі атэізма і матэрыялізма. Рэдуктыўны падыход гэтага светапогляду, а таксама яго дэструктыўныя наступствы нясуць у сабе небяспеку дэградацыі грамадства. Заклікаючы не дапускаць хрысціянства ў школу, антыцаркоўна настроеныя асобы не заўважаюць, што дзеці абсалютнай хрысціянскай большасці нашага грамадства знаходзяцца пад моцным прэсінгам атэістычнай ідэалогіі, якая па сённяшні дзень пануе ў многіх школьных падручніках.



Калі абаронцы ранейшай сістэмы адукацыі імкнуцца бараніць прынцыпы справядлівасці, захавання свабоды выбару, вольнасці ад ідэалогій, то няхай у першую чаргу застасуюць гэтыя аргументы да любай ім ідэалогіі матэрыялізму і атэізму, якая не збіраецца, а ўжо паўвека таму апанавала сістэму адукацыі.



Калі аўтара ўзгаданых намі артыкулаў непакоіць хрысціянізацыя атэістычнай школы, то на моцы таго ж права хрысціянаў непакоіць прымусовая атэізацыя іх дзяцей праз школу. Калі ня можна дапускаць да навучання тэізм, то таксама не можа быць і атэізму. Калі ў сістэме адукацыі прысутнічае атэізм, то чаму не можа быць тэізму?



Здаецца, скіраванне дыскусіі аб выкладанні ў школе рэлігійнай культуры ў рэчышча савецкай антыхрысціянскай прапаганды не нясе ніякай канструктыўнай карысці для сучаснай беларускай школы.



Патрэба здаровай рэлігійнай адукацыі здаецца настолькі зразумелая для фарміравання сапраўды адукаванай і развітай асобы, што размовы аб адваротным проста не маюць сэнсу. Хацелася б таксама звярнуць увагу на тое, што ў дыскусіі важна не зыходзіць у рэчышча псеўдапраблем і псеўдадыспутаў, калі замест сумеснага пошуку рацыі адбываецца толькі абмен суб’ектыўнымі меркаваннямі.

Неабходнасць і роля рэлігійнай адукацыі ў беларускай сістэме навучання і выхавання патрабуе сур’ёзнага і канструктыўнага абмеркавання. Больш карысці было б з абмеркавання спосабаў выкладання рэлігійнай культуры, абароны грамадскай свядомасці ад псеўдарэлігійнасці і інструменталізацыі хрысціянства. Такая дыскусія патрэбная сучаснаму беларускаму грамадству. Ад яе сур’ёзнасці ў многім залежыць, у якім кірунку будзе ісці працэс дэкамунізацыі і рэхрысціянізацыі не толькі школы, але і ўсяго нашага грамадства.

Блог кс. Андрэя Рылкі
www.bchd.info


Сусветная культура ці рэлігійная?

Царква выступіла за ўвядзенне ў школах Беларусі новага прадмета — рэлігійная культура. З гэтай мэтай кіраўніцтву парламента Рэспублікі Беларусь была накіраваная прапанова аб унясенні змяненняў у закон "Аб адукацыі". Разам з гэтым царква адкрывае дыскусію вакол выкладання рэлігіі ў школе (Интервью Г.А. Довгялло «Преподавание религиозной культуры — не дань традиции, а жесткий прагматизм» в газете "Звязда" 27 мая 2010 г., ).

Не выкарыстаць такую магчымасць было б крыўдна.


Перад тым як выказаць сваю думку, я вырашыў апытаць знаёмых, суседзяў і выслухаць найперш і іх. Бліжэй за ўсіх суседзі, і вось што думаюць яны.

— Трэба, каб людзі Бога баяліся, — заявіла суседка, — то і парадку на свеце будзе больш. Няхай дзяцей прывучаюць...

— А твае ўнукі вераць?

— Ды як іх прымусіш, мо ў школе направяць...

Другая суседка прытрымліваецца такой жа думкі:

— У царкве кепскаму не вучаць, а калі яшчэ і школа возьмецца, то, можа, дзеці зменяцца...

У нашым доме амаль усе пенсіянеры, а ў мінулым працавалі на тэкстыльным камбінаце ткачыхамі, матальшчыцамі, прадзільшчыцамі... Кажу пра жанчын, бо менавіта яны часцей бываюць у царкве, а мужчын рэлігія чамусьці менш цікавіць.


Але ёсць і іншыя погляды.

Алена Захарэвіч працуе педагогам у гімназіі №3 г. Баранавічы.

— Некалькі гадоў таму ў школе выкладалі Сусветную мастацкую культуру і Асновы бяспекі жыццядзейнасці. Якія выдатныя былі падручнікі па гэтых прадметах! А затым, спасылаючыся на празмерную загружанасць вучняў, вывелі гэтыя прадметы з вучэбнай праграмы. А што, выкладанне рэлігіі будзе сведчыць, што вучні ўжо не так загружаныя? І ўвогуле, школа абавязана даваць дзецям веды, пашыраць іх кругагляд, а не займацца рэлігійным выхаваннем. Гэтая місія ляжыць на сям'і і царкве. Ёсць нядзельная школа, і калі бацькі вернікі, то яны павінны вызначыцца — хадзіць іх дзецям у такую школу ці не. Але рабіць гэта трэба без прымусу. А ў школе выкладаецца яшчэ прадмет "Чалавек, грамадства, дзяржава" і там ёсць усё, што датычыцца рэлігіі. Проста нам не трэба ў чарговы раз кідацца ў крайнасці.

А вось што сказала дзяржслужачая:

— Калі б мне далі магчымасць выбраць для сваіх дзяцей, што вучыць у школе — Сусветную мастацкую культуру ці рэлігійную, то я аддала б перавагу першай. Чаму? Усё проста — культура ўзбагачае чалавека духоўна, а рэлігія, не важна ў якой форме і пад якім "соусам" падавалася б — гэта пакланенне звышнатуральным сілам, вера ў іх. У выкладанні ў сярэдняй школе рэлігіі бачу некаторую меркантыльнасць. За дзяржаўны кошт царква падрыхтавала тэолагаў, а цяпер ім неабходна даць работу. Але маладых людзей ніхто не прымушаў выбіраць гэтую прафесію. Яны ведалі, на каго вучыліся. У нашым горадзе ёсць прафесіі незапатрабаваныя, то з якой нагоды тэолагам неабходна расчышчаць дарогу, а педагогаў, юрыстаў ці бухгалтараў не заўважаць? Я ведаю тэолагаў-католікаў, якія працуюць не па спецыяльнасці, і нічога. Мне незразумела, чаму дзяржава павінна ў чарговы раз вырашаць праблему, якая не зусім яе.

Жанчына папрасіла не называць яе прозвішча, бо выказванне можа быць няправільна ўспрынятае начальствам.

На мой погляд, у гэтым пытанні неабходна асцярожнасць, а мы часта празмерна робім націск на духоўнасць, падменьваючы яе рэлігійнасцю. А духоўнасць, у першым значэнні гэтага слова, — усё ж не рэлігійнасць, а ўсё, што адносіцца да разумовай дзейнасці чалавека.

А зараз пра самае важнае.

Увядзеннем выкладання рэлігіі ў школе будзе нанесены ўдар па сістэме нашай адукацыі.

І калі супрацоўнік інстытута тэалогіі БДУ Рыгор Даўгяла ў інтэрв'ю нашай газеце гаворыць: "Так, па-першае, на душах дзяцей, іх псіхічным, духоўным здароў'і эканоміць нельга. Па-другое, нельга эканоміць на гуманітарнай бяспецы дзяржавы", то ён чамусьці забывае адзін надзвычай важны момант. Уся сістэма адукацыі Беларусі яшчэ з савецкіх часоў стаіць на матэрыялістычным падмурку. І з увядзеннем выкладання рэлігіі сапраўды неабходна будзе падумаць пра псіхіку вучняў. На ўроку па прыродазнаўстве педагог будзе весці аповед пра паходжанне відаў на Зямлі, натуральны адбор, а на наступным ўроку тэолаг з бібліяй у руках заявіць, што чалавека Бог вылепіў з гліны. "Дах" у дзіцяці ад такога навучання можа паехаць.

Нехта запярэчыць, што аўтар усё празмерна драматызуе, бо дзеці з вуснаў настаўнікаў-тэолагаў пачуюць пра "факты біблейскай гісторыі, жыццяпісы біблейскіх персанажаў..."

У такім разе давядзецца тлумачыць дзецям, як ўдалася Іоне трое сутак правесці ў жываце кіта і выжыць. Хіба ў Бібліі не кожнае слова праўда?

Спасылкі на пасляваенны вопыт Германіі, калі там асаблівая ўвага надавалася рэлігіі і дзяржава фінансавала багаслоўскія факультэты, стварала рэлігійныя акадэміі для міран і гэта нібыта забяспечыла эканамічнае развіццё Германіі, гучыць наіўна. Калі б не план Маршала і Амерыка не зрабіла ў эканоміку Германіі вялізныя фінансавыя ўліванні, то ніякія багаслоўскія факультэты і акадэміі не дапамаглі б.

"У нас сітуацыя зусім не такая, якая была ў пасляваеннай Германіі, і я думаю, што сродкі на тое, каб увесці ў школах урокі рэлігійнай культуры, знойдуцца," — упэўнены Рыгор Даўгяла.

А можа, нам зрабіць гэтаксама, як ў Германіі, і прапанаваць вернікам плаціць рэлігійныя падаткі? Калі багатая Германія так зрабіла, то нам, больш бедным, чаму б не пераняць вопыт немцаў? Вось і з'явіліся б грошы на рэлігійнае выхаванне, а заадно і даведаліся б, колькі ў нас вернікаў.

Дарэчы, 80 % насельніцтва Германіі лічаць сябе няверуючымі, так што з немцамі нам не па дарозе.

Факультатыўныя заняткі па рэлігіі не задавальняюць ініцыятараў новага адукацыйнага праекта, бо яны знаходзяцца па-за сеткай вучэбных гадзін. А вось калі рэлігію пачнуць вучыць усе вучні прымусова, то ад гэтага быццам бы будзе эфект.

Так, для настаўнікаў-тэолагаў будзе, бо яны акажуцца ў штатным раскладзе.

Нядзельныя школы і факультатыўныя заняткі — адзіна прымальны варыянт для азнаямлення моладзі з рэлігіяй. І будзем помніць: свабода сумлення нам гарантаваная Канстытуцыяй. І кожны з нас, як і нашы дзеці, можа верыць у Бога, а можа быць матэрыялістам, і прымушаць чалавека да веры ніхто не мае права — пакіньце гэты выбар за чалавекам, як у іншых краінах Еўропы.

Не будзем забываць, што мы жывём ужо ў XXІ стагоддзі і не трэба царкве злоўжываць прадастаўленай дзяржавай свабодай.

Напачатку нам неабходна падняць бытавую культуру і ўдзяліць асаблівую увагу маралі, бо колькі я ведаю сем'яў, у якіх шмат гавораць пра Бога, усе куткі завешаны абразамі і ў храм ходзяць на ўсе святы, а які там мардабой ды лаянкі — то пашукаць трэба...

Прывіць дзецям мараль могуць сям'я, школа, царква — у кожнага сваё поле дзейнасці, і трэба, лічу, найперш выкарыстаць магчымасці ў сваёй парафіі, а не лезці ў іншую.

У наш век рэлігія павінна прыстасоўвацца да часу, да грамадства, а не навязваць свае догмы і абяцаць вечнае жыццё пасля смерці. Неабходна жыць сумленна сёння і зараз, бо жыццё ў нас толькі адно. І калі я ў гэтым упэўнены, то не навязвайце мне, маім дзецям і ўнукам тое, што мы не можам пакуль прыняць.

Час ужо даўно расставіў усё па сваіх месцах. І неабходна ісці наперад, імкнуцца жыць годна, будаваць сваю дзяржаву, захоўваць сваю культуру, мову, гісторыю. І калі царква прэтэндуе на вядучую ролю, то павінна сканцэнтраваць сваю ўвагу на гэтым.

Сымон Свістуновіч, "Звязда" 02 чэрвеня 2010 года


З кім і пра што спрачаемся?

У нумары газеты за 2 чэрвеня звярнуў на сябе ўвагу артыкул Сымона Свістуновіча "Сусветная культура ці рэлігійная?". Звярнуў як бліскучы ўзор спрэчкі не пра тое. Каб зрабіць дыскусію больш празрыстай, сцісла сфармулюем зыходныя пазіцыі аўтара.



1. Бліжэйшыя суседзі выказваюцца за рэлігійную культуру ў школе, але гэта пенсіянеры, а таксама матальшчыцы-прадзільшчыцы. Іншая справа, меркаванне педагога і ананімнай дзяржслужачай — цяпер усё ясна. Рэлігійная культура замест сусветнай для таго, каб царкве было куды падзець тэолагаў.



2. Увядзенне выкладання рэлігіі ў школе (зверніце ўвагу на падмену паняццяў — не рэлігійнай культуры, а рэлігіі!) нанясе ўдар па сістэме адукацыі, бо яна з савецкіх часоў будуецца на матэрыялістычным падмурку. А прыродазнаўства (яно таксама матэрыялістычнае) з рэлігійным светапоглядам несумяшчальнае. Што будзе з псіхікай нашых дзяцей? І ўвогуле, "школа абавязаная даваць дзецям веды, развіваць іх кругагляд, а не займацца рэлігійным выхаваннем".



3. Да пасляваеннага адраджэння Германіі рэлігійная адукацыя дачынення не мае, паколькі ўсё вырашалі план Маршала і фінансавыя ўліванні Амерыкі. І ўвогуле, 80 % немцаў лічаць сябе няверуючымі.



4. Свабода сумлення (якога — толькі дыялектыка-матэрыялістычнага?) гарантаваная Канстытуцыяй. Я буду жыць сёння і зараз, і мяне не цікавяць вашы ўяўленні пра вечнае жыццё пасля смерці. Маім дзецям і ўнукам не трэба навязваць тое, што я пакуль не магу прыняць (г.зн. знаёмства з рэлігійнай культурай).



5. Няма чаго царкве рабіць у чужой парафіі (г.зн. у школе). Балазе, сярод вернікаў хапае людзей з анамальнымі паводзінамі (ці вынікае адсюль, што задача выхавання нармальных паводзінаў матэрыялістаў ужо паспяхова вырашаная?).



Усё гэта было б смешна, калі б не было так сумна і не дэманстравала логіку многіх апанентаў выкладання асноў рэлігійнай культуры ў школе.



Пачнём па парадку (прапусціўшы пра матальшчыц-прадзільшчыц — гэта ўжо на сумленні аўтара артыкула).



Даволі дзіўна, што аўтар, прэтэндуючы на паслядоўнасць, перажывае за сусветную мастацкую культуру ў школе. Калі трымацца логікі п.3 аргументацыі — дабрабыт краіны забяспечваюць не людзі, а чужыя фінансавыя ўліванні — то трэба сапраўды зрабіць выснову, што ў прагматычнай школе ні для якой культуры (ні сусветнай, ні рэлігійнай) месца быць не можа. Дарагі спадар С. Свістуновіч! Не трэба супрацьпастаўляць сусветную мастацкую і рэлігійную культуру. Ім абедзьвум, я глыбока перакананы, павінна быць месца ў школе.



Дарэчы, што застанецца ад сусветнай культуры, калі адняць з яе ўсё, так або інакш звязанае з рэлігіяй? Рэлігійныя вытокі шэрагу культурных шэдэўраў заслугоўваюць таго, каб кваліфікавана расказаць пра іх вучням. І гэтае пытанне — на вялікі жаль, зараз звернутае толькі да агульнай эрудыцыі і сумлення педагога — будзе стаяць датуль, пакуль школьнікаў на ўроках беларускай літаратуры будуць знаёміць з прадмовай Францыска Скарыны да старазапаветнай Кнігі Юдыф, а на ўроках сусветнай — са "Злачынствам і пакараннем" Дастаеўскага, дзе Раскольнікаў патрабуе ад Соні прачытаць яму з Евангелля "аб уваскрашэнні Лазара".



Цяпер пра матэрыялістычны светапогляд. З якога замшэлага падручніка па марксісцка-ленінскай філасофіі аўтар выцягнуў аргумент пра тое, што навуковы светапогляд абавязаны быць матэрыялістычным і таму несумяшчальны з рэлігійным? Не ўдаючыся ў філасофскія тонкасці, хацелася б усё-такі, каб аўтар задумаўся над трыма акалічнасцямі.



Першая. Існаванне матэрыяльнага свету ніяк не пярэчыць рэлігійнаму светапогляду і роўна таксама яму не пярэчыць права вучоных гэты свет вывучаць.



Другая. Велізарная колькасць даследчыкаў нават у другой палове XX стагоддзя была людзьмі глыбока веруючымі (роўна гэтак жа, як і іх велізарная колькасць была людзьмі няверуючымі). І яны не хавалі гэтую акалічнасць. Нобелеўскі лаўрэат па фізіцы Ч. Таунс, акадэмік РАН і РАМН, доктар псіхалагічных навук і доктар медыцынскіх навук Н.П. Бехцерава, фізікі з сусветным імем М. Борн, У. Гейзенберг і (зусім жах!) сам Альберт Эйнштэйн (спіс выдатных даследчыкаў, якія падзяляюць рэлігійныя перакананні, можа працягвацца вельмі і вельмі доўга.) Дарэчы, хачу засмуціць спадара С. Свістуновіча: атэізм — гэта тая ж рэлігія, якая толькі прыняла за зыходнае веру ў адсутнасць Бога. Так што ён таксама глыбока рэлігійный чалавек.



Трэцяя. Як мне здалося, знаёмства майго апанента з Бібліяй затрымалася на ўзроўні курса так званага навуковага атэізму, які выдзіраў з кантэксту Бібліі асобныя фразы і эпізоды, даваў ім сваю атэістычную інтэрпрэтацыю, а потым яе (гэтую інтэрпрэтацыю) і высмейваў, выдаючы яе за факт рэлігійнага светапогляду. Але тады прыпомнім класіка: "Над кім смеяцеся? Над сабой смеяцеся!"



Ужо ўзгаданы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы У. Гейзенберг заўважыў: "Калі рэлігіі ўсіх эпох гавораць вобразамі, сімваламі і парадоксамі, то гэта, мабыць, таму, што няма ніякіх іншых магчымасцяў ахапіць тую рэчаіснасць, якая тут маецца на ўвазе" ("Фізіка і філасофія: Частка і цэлае"). Растлумачваць відавочнае — тое, што Біблія, як і большасць іншых літаратурных помнікаў, гаворыць на вобразна-метафарычнай мове — проста няёмка. І калі мой апанент лічыць, што гэтая мова несумяшчальная з мовай прыродазнаўчых навук, то яму варта б выступіць за тое, каб у школе было накладзенае табу на цытаванне абсурдных вершаў Лермантава пра "мятежный парус". Або так: вершы называць, але з абавязковай заўвагай, што ветразь — насамрэч прадмет неадухоўлены і не валодае ні псіхікай, ні тэмпераментам.



Вельмі сур'ёзна ўспрыняў я тэзіс педагога аб задачах школы. Задача школы ніколі, а цяпер тым больш, не зводзілася да ведаў і далягляду. Задачамі школы ва ўсе часы былі:



1) фарміраванне асобы вучня ў адпаведнасці з існуючымі агульнапрынятымі ідэаламі;



2) фарміраванне арыентацыйнай асновы паводзінаў чалавека ў акаляючым яго прыродным і сацыяльным свеце;



3) падрыхтоўка вучня да пераходу ў сферу прафесійнай адукацыі.



Веды ў значнай ступені (хоць далёка не ў поўным аб'ёме) прадвызначаюць поспех вырашэння другой і трэцяй задач. Што ж датычыцца першай задачы, то роля ведаў у яе вырашэнні вельмі і вельмі ўмоўная. Той, хто пакруціўся ў свеце навукі, ведае, наколькі бязлітаснымі і беспардоннымі могуць быць носьбіты велізарных масіваў прадметных ведаў.



Крыху спрашчаючы сітуацыю, хачу сказаць, што адпаведнасць чалавека грамадскім ідэалам вызначаецца яго паводзінамі ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, а яны (гэтыя паводзіны) вызначаюцца сістэмай жыццёвых вартасцяў, сістэмай маральных забаронаў і стандартызаваных формаў паводзінаў. І яшчэ цэлым шэрагам якасцяў і ўласцівасцяў асобы, адно толькі веданне аб існаванні якіх, як правіла, нічога не дае чалавеку. Няўжо можна паверыць у тое, што злодзей не ведае пра амаральнасць і пакаральнасць крадзяжу? Тое самае і са справай стварэння арыентацыйнай асновы паводзінаў чалавека ў сацыяльным свеце. Усё гэта задачы таго працэсу, які завецца выхаваннем і які, на вялікі жаль многіх педагогаў, не зводзіцца да засваення прадметных і надпрадметных ведаў.



Ці можа рэлігійная культура служыць крыніцай фарміравання ўласцівасцяў і якасцяў асобы, якія нас цікавяць? Адказ відавочны — можа.



Цяпер пра трэці аргумент. Шкада, што немцы дагэтуль не азнаёміліся з аргументацыяй спадара С. Свістуновіча адносна ўрокаў рэлігійнай культуры ў школе і колькасці атэістаў у Германіі! Дагэтуль у Канстытуцыі ФРГ указаны адзіны абавязковы для ўсіх і ва ўсёй Германіі ўрок — урок рэлігіі. І нешта я не чуў пра масавыя пратэсты немцаў супраць такога становішча рэчаў. Увогуле, няўжо майго апанента не дзівіць тое, што 4/5 немцаў (па яго звестках, няверуючых) плаціць той самы "рэлігійны падатак"? Як і каму гэта ўдалося — прымусіць еўрапецаў, з іх прававой свядомасцю, выконваць тое, у чым яны ніяк маральна не зацікаўленыя?



Дарэчы, урокі рэлігіі сёння ёсць ва ўсіх школах Фінляндыі, Польшчы, Прыбалтыкі, у 30 % школ Украіны. Уводзяцца яны на першым этапе ў эксперыментальным рэжыме і ў Расіі. Увогуле, амаль уся Еўропа ідзе не туды і не ў нагу, і толькі нашы атэісты гатовыя вызначыць чалавецтву адзіна дакладны шлях.



Далей. Калі ўжо свабода сумлення гарантаваная Канстытуцыяй нашай краіны, то хто Вам, сп. С. Свістуновіч, даў права навязваць камусьці Ваш атэістычны светапогляд? Можа, лепш так: Богу — Богава, а цэсару — цэсарава. Хто хоча сам (або яго бацькі), вывучае ў школе дыялектыка-матэрыялістычны светапогляд, а хто хоча — рэлігійную культуру?



Дарэчы, заўважу, што ўрокі рэлігійнай культуры ў тым выглядзе, у якім іх прадстаўляе бок царквы, маюць на ўвазе адсутнасць якіх-небудзь рытуалаў, малітваў, богаслужэнняў. Такая традыцыйная еўрапейская трактоўка свецкасці, супраць якой пярэчыць у Беларускім экзархаце не збіраюцца.



Цяпер самае галоўнае. Чаму многія людзі настойваюць на неабходнасці ўвядзення рэлігійнай культуры ў школах (механізм і формы такога ўвядзення могуць і павінны абмяркоўвацца асобна)?



Чыннікаў таму некалькі.

Першы я ўжо, па сутнасці, выказаў. Рэлігійная культура можа быць эфектыўным элементам фарміравання і сацыялізацыі асобы. Асобы, якая не ўступае ні ў які канфлікт з прыродным і сацыяльным атачэннем, бо ўсе нашы традыцыйныя рэлігіі разглядаюць такія канфлікты як грэх і асуджаюць іх.



Другі. Сёння ў грамадстве сфарміравалася вельмі сур'ёзная цікавасць да рэлігіі і рэлігійнай культуры. І ні дзяржаве, ні афіцыйным рэлігійным структурам не можа быць абыякавы адказ на пытанне: дзе, кім і ў якіх формах гэтая цікавасць будзе задаволеная. Але, на вялікі жаль, на гэтай цікавасці часцяком спекулююць носьбіты экстрэмісцкага і тэрарыстычнага светапогляду. Меней за ўсё я хацеў бы, каб наступная фраза была ўспрынятая як злараднасць, але факт наяўнасці і дзейнасці вахабізму ў Расіі ў значнай ступені абумоўлены тым, што цікавасць да мусульманства ў пачатку 90-х гадоў у гэтай краіне ў значнай ступені задавальнялася не дзяржавай і афіцыйнымі мусульманскімі рэлігійнымі арганізацыямі, а рознага кшталту экстрэмістамі, для якіх іслам быў толькі шыльдай, а цікавасць да гэтай рэлігіі — толькі каналам, праз які яны маглі ўвайсці ў кантакт з людзьмі. Усё астатняе — справа тэхнікі і метадаў псіхалагічнай апрацоўкі.



Усведамленне гэтага факта, на мой погляд, было адной з прычын, якія падштурхнулі кіраўніцтва Расіі да ўвядзення курсу рэлігійнай культуры ў якасці абавязковага прадмета ў сярэднюю школу. Дзяржава фактычна гаворыць: у вас ёсць цікавасць да рэлігійнай культуры, у вас ёсць цікавасць да пэўнай рэлігіі? Вось вам канал задавальнення гэтай цікавасці — вывучайце адпаведны прадмет у школе. Мы, г. зн. дзяржава, выступаем гарантам таго, што ў гэты прадмет не пранікнуць ні экстрэмізм, ні фанатызм, ні варожасць да носьбітаў іншых рэлігійных поглядаў.



Вы ўпэўнены, сп. С. Свістуновіч, што праблема фанатызму і экстрэмізму, у рознай ступені актуальная для краін усяго свету, не патрабуе прафілактыкі ў Беларусі?

І апошняе.

Наша прапанова аб увядзенні ўрокаў рэлігійнай культуры ў школе ўлічвае ўвесь спектр светапоглядаў. Вучань павінен быць вольны САМ выбіраць, з чым яму знаёміцца — з рэлігійнай культурай якой-небудзь з традыцыйных для рэспублікі канфесій або са свецкай дыялектычна-матэрыялістычнай этыкай. Мы не збіраемся навязваць свае погляды, але просім такіх жа адносінаў і да поглядаў нашых.



P.S. Хачу паведаміць і сп. С. Свістуновічу, і інкогніта дзяржслужачай: у 2010 г. Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта размеркавала ўсе 100 % сваіх выпускнікоў.



Хто мае вушы, хай пачуе!

Прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ Г. Пятроўскі, "Звязда" 9 чэрвеня 2010 года



"Вучыце ў нядзельных школах, а не ў дзяржаўных..."

Здавалася б, толькі пачалася дыскусія наконт выкладання рэлігійнай культуры ў школе, а ўжо зразумела, што ў людзей зусім розныя погляды на гэтую ідэю...


Вось у нашу газету даслала ліст Наталля М. з г. Свіслач. Аўтарка піша, што яна прававед, ды і па пісьму бачна, што чалавек адукаваны і мае сваю пазіцыю.

"Аднойчы я ўбачыла кнігу "Закон Божы", прачытала "для пашырэння кругагляду", і знайшла адказы на свае пытанні, вывучаючы рэлігійную літаратуру, якая існуе на працягу 2000 гадоў," — піша жанчына.

Рэлігійная літаратура, як і "законы божыя", існуе на працягу многіх тысячагоддзяў. Хіба ў Старажытным Егіпце не было "божага закона", у якім таксама павучалі не забіваць, не падманваць, не красці, а затым з'явілася Тора з дзесяццю запаветамі Бога, а ўжо потым прыйшло хрысціянства са сваім Законам.

"Вось для таго, каб мае дзеці і ўнукі ведалі гэты сусветны Закон і маглі зрабіць выбар, я хачу, каб яны вывучалі яго ў школе на ўзроўні іншых прадметаў", — працягвае аўтарка.

Жанчына настойвае, каб у бацькоў і вучняў у школе была свабода выбару. "Мне не спатрэбіліся веды аб песціках і тычынках", — піша наша чытачка. — ...Я добрасумленна вывучала біялогію і хімію, хоць і прымусова".

У нас існуе абавязковая школьная адукацыя, і дзеці абавязаны ведаць пра песцікі і тычынкі, бо на іх трымаецца не толькі флора, але і ўсё жывое. Неабходна вывучаць біялогію і хімію, бо без іх няма медыцыны, аграноміі, сучаснай навукі... Назад, у пячоры, чалавецтва не загнаць.

"Аднак жыццё з гэтай верай (у ленінскі камунізм) амаль 50 гадоў прынесла мне расчараванне. Не знаходзіла я адказы на пытанні: чаму людзі працягваюць забіваць, дзеля чаго жыве чалавек..." — піша Наталля М.

Вернемся на стагоддзі назад, калі за "Закон Божы" нічога вышэй не было. Забівалі, сціскаючы Біблію ў руках і з імем Хрыста на вуснах. А для чаго жывём? То гэта спрадвечнае пытанне. Праўда, пры ўсіх сумненнях і пытаннях, чалавек ідзе шляхам усіх жывых істот — нарадзіць сабе падобных, выгадаваць іх (не заўсёды гэта робіцца) і адысці ў нябыт.

Гэта мой погляд, а нехта збіраецца трапіць у Царства Божае ды жыць вечна і ніхто яму не перашкаджае, але пры чым тут школа?

А вось кароткае інтэрв'ю з дырэктарам самай вялікай у Івацэвічах сярэдняй школы № 4 Таццянай Касавец.



— Таццяна Міхайлаўна, што вы думаеце наконт увядзення ў школе прадмета "рэлігійная культура"?

— Мне здаецца, што рабіць гэтага не трэба. У нашым горадзе тры канфесіі: праваслаўныя, пратэстанты і католікі. Могуць узнікнуць непаразуменні, калі тэолаг адной канфесіі будзе выкладаць той прадмет. Бацькі ўспрымуць гэта насцярожана. А можа за лепшае было б вярнуць у школу Сусветную мастацкую культуру,там быў раздзел, прысвечаны рэлігіі? Дарэчы, з расшырэннем штату педагогаў не ўсё проста. У нас ёсць праблема з уладкаваннем на працу настаўнікаў, напрыклад, выкладчыкаў нямецкай мовы.

— У вашай школе займаецца 1020 вучняў. Скажыце, іх бацькі ўзнімалі пытанне пра ўвядзенне рэлігійнага прадмета ў школе?

— Ніхто такога пытання не ставіў, а вось што са сценаў школы вывелі профільныя класы і тым самым пазбавілі вучняў права выбару, то гэта бацькоў турбуе.

— А вашы адносіны да рэлігіі, можна больш канкрэтна?

— Я не супраць рэлігіі, і святар можа сеяць добрае, але для гэтага ёсць царква, нядзельная школа, сям'я... Няўжо там магчымасці ўжо вычарпаныя?

А цяпер я хачу адказаць аўтару артыкула "З кім і пра што спрачаемся" ("Звязда", 10.06.2010). Калі мой апанент робіць раз-пораз націск на маё прозвішча і пытае: "...вы ўпэўнены.... хто вам даў права...", то прыходзіцца даць адказ на пытанні, якія застаюцца спрэчнымі.

Кожная рэлігія, як і канфесія, мае свае інтарэсы і стараецца даводзіць сваё шырокім масам насельніцтва, хоча ўплываць на грамадскае жыццё — быць пры ўладзе. Так было спрадвеку, але ж сёння мы жывём ужо ў трэцім тысячагоддзі.

На працягу стагоддзяў беларусы падвяргаліся рэлігійнай экспансіі — як з Захаду, так і з Усходу. Прыходзіла Польшча, і праз касцёл усіх хацелі зрабіць католікамі і ўніятамі, а гэта значыць — палякамі. Перамагала Расійская імперыя і насельніцтва ператваралася ў праваслаўнае — "рускае". Дзяржава і царква (касцёл) дзейнічалі ў адной звязцы.

Пры такіх варунках як нашаму народу ўдалося выжыць — захаваць сваю адметнасць?

У сваім артыкуле мой апанент залічыў да вернікаў Нобелеўскага лаўрэата, доктара навук, акадэміка і нават Альберта Энштэйна (!!!) — і што з гэтага? Вунь група расійскіх Нобелеўскіх лаўрэатаў напісала ліст Уладзіміру Пуціну, калі ён быў прэзідэнтам, з просьбай спыніць рэлігійную экспансію. І гэта іх права.

Успомнім Дж. Бруна. Вучоны быў манахам, а яго спалілі, бо царкоўнікі кожнага, хто не быў згодзен з іх догмамі, лічылі ворагам. Каб М. Капернік надрукаваў сваю кнігу не перад смерцю, то і ён, хутчэй за ўсё, пайшоў бы на вогнішча. Баяўся, хоць і быў канонікам.

І толькі з эпохай Адраджэння еўрапейская цывілізацыя пачала выходзіць са ступару.

І нават камуністы-бязбожнікі ўнеслі свой уклад у развіццё сусветнай цывілізацыі. Пасля рэвалюцыі 1917 года свет стаў зусім іншым. Сацыялізм напалохаў заходні капітал, яму тэрмінова прыйшлося перагледзець стаўленне да простых людзей і падзяліцца даходамі.

Кажу гэта не дзеля апраўдання бальшавізму, а каб падкрэсліць, што жыццё ідзе наперад, і ў грамадстве, цывілізацыі бываюць свае ўзлёты і падзенні, але час нельга павярнуць назад.

На Біблію ў мяне свой погляд, і яна зрабіла мяне матэрыялістам. І не трэба папракаць навуковым атэізмам, я ніколі не меў да яго адносінаў, у адрозненне ад тых, хто сёння ў царкве б'е паклоны.

Біблія для мяне — мастацка-гістарычны твор, а для багаслова — Святое Пісанне, фундамент, на якім трымаецца хрысціянства. Сёння тэолагам складана растлумачыць многія палажэнні Бібліі, бо яны супярэчаць сучаснаму ўкладу жыцця, дасягненням навукі, вось і прыходзіцца сцвярджаць, "што Біблія... гаворыць на вобразна-метафарычнай мове". Сапраўды, вобраз і метафара ў Бібліі прысутнічаюць, напрыклад, "хлеб жыцця" ці "піць ваду жывую", і тут усё зразумела. А як сёння ўспрымаць Царства Нябеснае? А што такое пекла? У перыяд, "калі Сонца круцілася вакол Зямлі", гэтыя паняцці ўспрымаліся рэалістычна. А ў наш час як іх успрымаць?

І на якой падставе Біблія ўчора трактавалася так, а сёння падаецца гэтак? А што, толькі ў тэолагаў права на яе тлумачэнне?

Мысліцелі мінулага ішлі вобмацкам, абапіраліся на здагадкі, будавалі гіпотэзы, і пры напісанні Бібліі выкарыстоўвалі напрацоўкі свайго часу.

Свет адышоў ад біблейскіх часоў вельмі далёка, і сёння царква нічога даказаць не можа — яна абараняе толькі сябе. Прыярытэт у навукі (у шырокім сэнсе).

Хто пярэчыць, што рэлігійная тэматыка ў сусветнай мастацкай культуры займае важкае месца. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Царква стагоддзямі даводзіла грамадству сваё, імкнулася праз мастацтва ўмацаваць свой уплыў на чалавека. Рэлігія панавала, і царква была самай багатай структурай, яна плаціла творцам за свае заказы. Вунь і за савецкім часам самыя высокія ганарары мастакі атрымлівалі за карціны з гістарычна-рэвалюцыйнай тэматыкай, і творцы стараліся ствараць палотны маштабныя — пад заказчыка.

У галодныя дзевяностыя я і сам намаляваў некалькі абразоў. Для некага яны лічацца святымі, а для мяне — звычайная праца, за якую заплацілі.

Праблема не ў рэлігійнай тэматыцы мастацтва, а ў тым, як рэлігійная культура будзе тэолагамі падавацца вучням. Безумоўна, з багаслоўскіх пазіцый — схаластыкі. Так, магчыма, будзе напачатку, а затым усё звядзецца да канфесійных інтарэсаў. І месца там для беларускасці не знойдзецца. А калі так, то што з тых урокаў?

Мой апанент папракае, што я быццам бы навязваю свае атэістычныя погляды. Глупства. Мая сям'я, як і многія нашы знаёмыя, стаіць на матэрыялістычных пазіцыях і не рвецца ў школы, нічога нікому не навязвае — мы адстойваем толькі свае правы і правы сваіх дзяцей і ўнукаў. Не чапайце нас — найперш разбярыцеся са сваімі сем'ямі. Крыжамі агарадзілі вёскі і гарады, падчас ў бібліятэку ўжо не трапіць, бо багасловы і святары вядуць там свае чытанні, а цяпер вам патрэбны школы? А хіба не існуе Закон РБ (ад 17.12.1992 г. №2054-XІІ), у якім сказана: "Рэлігійныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, маюць права ў адпаведнасці са сваімі статутамі ствараць для рэлігійнай адукацыі дзяцей і дарослых вучэбныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы, выкарыстоўваючы для гэтага памяшканні, якія належаць і (ці) прадстаўленыя ім у карыстанне, акрамя памяшканняў, якія належаць дзяржаўным установам адукацыі".

Усё тут раскладзена па паліцах, чаго яшчэ не хапае?

Дзейнасць рэлігійных арганізацый неабходна трымаць пад кантролем, вядома ж не забараняць іх. Хачу паведаміць цікавы факт. У адзін райвыканкам прыйшлі паломнікі з абразамі ды крыжамі. Мода такая — хадзіць з раёна ў раён. Зайшлі ў кабінет кіраўніка раёна і нешта там ім прыйшлося не даспадобы: можа, не так сустрэлі, як хацелася.

— А я бачу, што тут нячыстая сіла завялася, — успыхнула адна з актывістак і пачала з абразом кідацца ў розныя куты кабінета — выганяць нячысціка. Старшыня райвыканкама ледзь не абамлеў. А чаму б не ўціхамірыць клікушу?

Адны людзі настойваюць на ўвядзенні рэлігійнай культуры ў школах, другія — супраць, а многім — усё роўна. І гэта нармальна. А вось тое, што ў грамадстве сфарміравалася сур'ёзная цікавасць да рэлігіі, то тут можна паспрачацца. Каб была "сур'ёзная цікавасць", то дзяцей багасловы ў школах не шукалі б, а яны тоўпіліся б у храмах.

Мой апанент лічыць, што "факт наяўнасці і дзейнасці вахабізму ў Расіі ў значнай ступені абумоўлены тым, што цікавасць да мусульманства ў пачатку 90-х гадоў у гэтай краіне ў значнай ступені задавальнялася не дзяржаўнымі і афіцыйнымі мусульманскімі рэлігійнымі арганізацыямі, а рознага кшталту экстрэмістамі..." Наіўная думка. Святары і багасловы — звычайныя людзі, і калі на Каўказ хлынулі з арабскіх краін грошы, то аказалася, што ўсё прадаецца. Багасловы ў медрэсе якраз вахабізм і прапаведвалі, а былыя сакратары райкамаў, абкамаў і ЦК КПСС адпраўляліся ў Меку на хадж. Якія афіцыйныя структуры маглі нешта задаволіць? Вунь сёння расійскія мільярды на Каўказе знікаюць, як у прадонні, і канцоў нельга знайсці.

У Савецкім Саюзе пра вахабізм мы многа чулі? Тады кожны, у тым ліку і работнік культу, ведаў сваё седала, хоць у гэтым нічога добрага не было.

"Вы ўпэўнены, сп. С. Свістуновіч, што праблема фанатызму і экстрэмізму, у рознай ступені актуальная для краін усяго свету, не патрабуе прафілактыкі ў Беларусі?" — пытаецца мой апанент і разважае, што традыцыйныя рэлігіі маюць прышчэпку ад розных канфліктаў, варожасці...

У нашай краіне спакойна, але калі за прафілактыку возьмецца нейкая адна канфесія, то...

Беды, якія прынесла чалавецтву рэлігійная нецярпімасць, не магчыма пералічыць. Ганенне яўрэяў у краінах Еўропы было звычайнай справай, і Расійская імперыя тут не была выключэннем. Пагромы і мяжу аселасці чым можна апраўдаць? Ды ў хрысціян ніколі не было адзінства. Католікі ваявалі з пратэстантамі, царква пераследавала старавераў... "Ведзьмаў" на вогнішчы адпраўлялі тысячамі...

У імя чаго ўсё гэта тварылася?

А нецярпімасць на бытавым узроўні яшчэ тая. Вось жыву я, і мне ўсё роўна, якая ў другога чалавека жыццёвая ўстаноўка і чым ён займаецца. А некаторыя вернікі абураюцца: "Чаму ты да Спаса ясі яблыкі? Гэта грэх. Чаму працуеш на свята? Чаму..." Ды таму, што я свабодны чалавек, і вечнае жыццё мяне не цікавіць.

Беларусь — спакойная краіна, і не патрэбна нам ніякая рэлігійная прафілактыка за кошт дзяржавы.

Быў Савецкі Саюз, у якім абяцалі народу камунізм — рай на зямлі. Саюз распаўся, і з ім знікла камуністычная ўтопія.

Думалася: вось нарэшце вызваліліся ад ідэалагічнага ўціску! Але тут жа з'явіліся новыя ідэолагі і абяцаюць вечны рай, але на тым свеце — калі ўваскрэснем...

Камуністы хоць бралі на сябе нейкія абавязкі — трэба было той рай будаваць.

Можа абыдземся без чарговай утопіі? Будзем працаваць, не красці, не піць гарэлку, жыць інтарэсамі сваёй краіны... і ўсё ў нас будзе добра.

Напрыканцы свайго артыкула мой апанент піша: "вучань павінен быць вольны САМ выбіраць, з чым яму знаёміцца — з рэлігійнай культурай якой-небудзь з традыцыйных для рэспублікі канфесій, або са свецкай дыялектычна-матэрыялістычнай этыкай".

Згодны. Вучыце ў нядзельных школах, храмах... Працуйце, але не ва ўстановах дзяржаўнай адукацыі.

Сымон Свістуновіч, "Звязда" 22 чэрвеня 2010 года




 

 
Усеагульная дэкларацыя
правоў чалавека


Кожны чалавек мае
права на свабоду думкі,
сумлення і рэлігіі...
Канстытуцыя
Рэспублікі Беларусь


Кожны мае права
самастойна вызначаць
свае адносіны да рэлігіі...
Міжнародны Пакт
аб грамадзянскіх і палітычных
правах
Rating All.BY