27.12.2007 Справа мазырскiх сатанiстаў можа мець працяг
Бацькi асуджанага на 7,5 года пазбаўлення волi за падпал храмаў у Мазыры Цiмафея Косiка заяўляюць аб сфабрыкаванасцi абвiнавачання. Нагадаем, 14 снежня Мазырскi раённы суд вынес прыгавор па крымiнальнай справе ў адносiнах да чатырох маладых людзей, жыхароў Мазыра i Калiнкавiчаў. Двое маладых людзей былi прыгавораны да 7,5 года пазбаўлення волi, адзiн непаўналетнi i дзяўчына — да 7 гадоў. Яны прызнаны вiнаватымi ў падпальваннi мясцовай царквы ў гонар Георгiя Перамаганосца i рымска-каталiцкага касцёла 18 стагоддзя. Пасля сябе яны пакiнулi знакi "666", зоркi i надпiсы, што праслаўляюць сатану.
Як паведамiў БелаПАН бацька асуджанага Iван Косiк, ён мае звесткi, што яго сына жорстка збiвалi мiлiцыянеры, выбiваючы прызнанне ў падпалах. I.Косiк звяртае ўвагу на тое, што унiверсiтэт, дзе вучыўся сын, афiцыйна пацвердзiў алiбi свайго студэнта — у час падпалу ён быў на занятках.
"Працэс быў закрытым. Чаму? Толькi на прыгавор запрасiлi прадстаўнiкоў трох дзяржаўных тэлеканалаў — паказаць, што правасуддзе здзейснiлася, вiнаватыя пакараны. Апрача таго, у час затрымання Цiмафея з яго шыi быў зняты праваслаўны крыжык, а сатанiсты, як вядома, знакi хрысцiянства не носяць", — зазначыў бацька асуджанага.
Мiлiцыяй быў праведзены фотаўлiк i дактыласкапiя больш чым 150 маладых людзей ва ўзросце ад 13 да 20 гадоў, якiя збiралiся непадалёку ад спаленага праваслаўнага храма, слухалi рок-музыку. "Фатаграфiя майго сына з'явiлася ў мiлiцыi пры расследаваннi забойства дзяўчыны "сатанiстамi", што адбылося ў Мазыры два гады таму. Цiмафей з сябрамi збiралiся непадалёку ад месца забойства, слухалi музыку i размаўлялi. Справа была раскрыта, забойца знойдзены, але ў мiлiцыi засталася фатаграфiя нашага сына. На майго сына проста паказалi пальцам. Праваахоўныя органы хацелi як мага хутчэй раскрыць гучную справу, таму не выбiралi ў метадах доказаў, бралi тых, хто трапiў пад руку", — лiчыць бацька асуджанага.
Паводле слоў Iвана Косiка, адзiн з падследных, малады хлопец, напiсаў скаргу ў пракуратуру аб тым, што мiлiцыянеры дапытвалi яго неправавымi метадамi. "Як вынiк — больш да гэтага юнака пытанняў па справе не было, ён праходзiў у судзе як сведка", — зазначыў I.Косiк.
Бацькi Цiмафея Косiка падрыхтавалi зварот у сродкi масавай iнфармацыi, дзяржустановы, да прэзiдэнта Беларусi.
Алена ГЕРМАНОВІЧ "Народная Воля"
|