11.11.2008 Беларускія каталікі працягваюць эстафетны пост за вяртанне вернікам будынкаў
Беларускія каталікі працягваюць эстафетны пост за вяртаньне вернікам будынкаў Менскага кляштару бэрнардынцаў з касьцёлам-помніка барока 17-га стагодзьдзя. Зараз у посьце удзельнічаюць 70 чалавек з Менску і Івянца.
Тры з паловай гады сябры абшчыны сьвятога Язэпа праводзяць ля будынку касьцёла штодзённыя вячэрнія малітвы за вяртаньне вернікам аб’ектаў, якія улады хочуць скарыстаць для пабудовы гатэльна-камэрцыйнага комплексу. Вось што пра гэтую ініцытыву вернікаў і пазыцыю касьцельнай гіерархіі у гэтым пытанні распавёў прэс-сакратар Менскай Курыі айцец Аляксандар Амяльчэня.
“Трэба на самым пачатку зазанчыць, што гэта прыватная ініцыятыва вернікаў, ініцыятыва на якую яны маюць абсалютнае права. Ініцыятыва, якая называецца постам. Пост заўсёды мы атоесамліваем з рэлігійным кантэкстам, і сапраўды яны мае такі кантэкст. Пост, які спалучаны з малітвай аб тым, каб быў вернуты аб’ект, які напрамую мог бы служыць дабру, карысьці вернікаў. Я маю на увазе адданьне хвалы Богу і духоўнае аднаўленьне людзей. І гэтаму павінен служыць і касьцёл і кляштар. Гэта прыватная ініцыятыва. Яна не выйшла з боку афіцыйных структур касьцёла. Што тычыцца гэтага аб’екту, ён сапраўды цікавы для нас таму, што гэта наш аб’ект, гэта каталіцкі аб’ект. Гэта касьцёл і кляштар, якія будавалі нашыя продкі. Ён належаў да каталіцкага касьцёлу і каталіцкі касьцёл мае права карыстацца гэтым будынкам і ніхто не адцураецца ад гэтага будынку. Ёсьць пэўныя ініцыятывы, намаганьні, якія касьцёл прадпрыймае на афіцыйным узроўні , каб гэтыя аб’екты былі вернутыя. Яны прадпрыймаюцца да сёньняшняга дня і дыялёг, размова, ды гэтыя намаганьні-не скончаныя”.
Радыё Рацыя
|